№147-148 (3073-3074)

УВАГА!
Як атрымаць
друкаваны варыянт
газеты?

Народная Воля

архiў газеты

Верасень 2010

Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30
Выпуск:

падпiсчыкi

НАВІНЫ

«Орангутанги» в центре Минска

Вам жа кожны дзень глядзець у вочы сваім падначаленым...

ПАЛІТЫКА

Остановим фальсификации вместе!

ГРАМАДСТВА

Белая кровь

Отказываюсь понимать!

Другие

Маладзёжныя дэмакратычныя арганізацыі заклікаюць беларускія ўлады асудзіць камунізм

ЕГУ застаецца ў Вільнюсе

Учителей заставляют проверять холодильники в квартирах своих учеников?

Цяпер настаўнікі могуць ставіць «0»

Ці можна вучыцца без падручнікаў?

Мой шыбалет

Спакуса

Сердечно-сосудистые заболевания — главная причина смертности в Беларуси

Горкі хлеб Iвана Афанасіка

ЭКАНОМІКА

Сусветна вядомы канцэрн IКЕА стварае буйное дрэваапрацоўчае прадпрыемства ў Беларусі

Прадпрымальнікі хочуць піва...

Беларусь можа набыць частку Рыжскага порта

За месяц прыбытак беларускіх банкаў упаў у 15 разоў

«Белтрансгаз», «Нафтан» и Мозырский НПЗ — крупнейшие налогоплательщики Беларуси

ЛЮСТЭРКА

Даіць беларускіх кароў будуць беларускія ж робаты

Прапілі больш за 3 трыльёны рублёў

Парк у Оршы, пабудаваны да «Дажынак», прызнаны небяспечным для дзяцей

Телеканал ОНТ пока не имеет права заниматься «Евровидением»

В Логойске соберется рекордное число иностранных дрифтеров

У СВЕЦЕ

Когда краснеет богиня Клио

Американские военные в Ираке приняли брошенный в них ботинок за гранату

Ахмадинежад: Иран никогда не откажется от ядерной программы

Количество самолетов в мире удвоится

Китай отобрал для полетов в космос женщин

Противники реформы Обамы изобразили его в виде африканского знахаря

Индийские ученые получили сорт риса, который не надо варить

Ученик начал превращаться в ученицу

По ошибке увеличили премию в тысячу раз

КУЛЬТУРА

Святлана ДЛАТОЎСКАЯ: «Калі сутыкнулася з беларускім адраджэнскім рухам, з’явілася жаданне ўсіх пераапрануць...»

В Беларуси пройдет первое чиби-дефиле

Рыгор БАРАДУЛIН: «Я, бывала, і да чаркі прыкладаўся, і вучыцца ленаваўся...»

Манхэттенский фестиваль — впервые в Минске

При жизни не выставлялся

СПОРТ

Хто дагоніць БАТЭ?

Аляксандр МЯДЗВЕДЗЬ: «Толькі зараз я ўздыхнуў з палёгкай...»

«Дынама», балельшчыкі і «Юрыкі»

Вот так платье!

Неугомонный Кличко

Скромный Пеле

ЗДАРЭННІ

Злачынная цікаўнасць

Крымінальны рэкорд

ГАЗЕТА - ЧЫТАЧ

Ни дома, ни леса

Дзве праўды

Чацвёрты падзел

Кто нажал «спусковой крючок»

Управляемая килька

Колнка юриста

Утульны «Глобус»

Учение — тьма

Забастоўшчык

У храме хараства і смутку

Общественная комиссия по реабилитации жертв режима



Ілюстрацыя

КУЛЬТУРА

«...Бо лепш незламаным памерці, чым жыць з перабітым крылом»

25 верасня найвыдатнаму паэту, былому вязню ГУЛАГа Сяргею Грахоўскаму (1913—2002) было б 95 год

25.09.2008   №143-144   -   Святлана КЛІМЕНЦЕНКА

Аднойчы — тое была яго перадапошняя восень — Сяргей Іванавіч патэлефанаваў: "Хачу паказаць адну рэч, якую даўно ад сябе самога хаваю". Сустрэліся ля яго пад'езда, селі на лаву пад разгалістым клёнам, з якога абляталі апошнія лісты. Ён моўчкі дастаў з унутранай кішэні курткі і працягнуў мне невялікі блакноцік у шурпатым цёмнашэрым, пад колер зямлі, пераплётам. Ад хвалявання ў мяне дрыжэлі рукі: у якіх жа пераплётах пабываў гэты самы пераплёт разам з яго змесцівам і самім гаспадаром! Як ім — абодвум — удалося ацалець у тыя гулагаўскія гады? Схаваць тайну ад пільных назіральшчыкаў пры найстражэйшай забароне не тое што любога пісання — нават чыстага шматка паперы ці аловачнага зломка...

— Знайшлі б — не размаўлялі б мы зараз з вамі. Самому не верыцца, што ўдалася такая "афера". Ну, ды гэта асобная гісторыя, — сказаў ён і надоўга змоўк.

Я гартала спісаныя ўборыстым, драбнюткім почыркам лісткі з вершаванымі радкамі, працятымі болем і пакутай. Не за сябе — за Радзіму. Ішла вайна, родная зямля была ў агні — а ён тут, удалечыні ад яе, звязаны па руках і нагах, пазбаўлены найвышэйшага права бараніць самае дарагое ад захопнікаў-чужынцаў. І над усім — неадольная вера ў Перамогу над фашызмам, у будучыню Айчыны. Яна давала сілы выжыць там, дзе жыць было немагчыма.

І гэта пісаў "вораг народа"?! І вось такіх "ворагаў" — сапраўдных патрыётаў, высакародных і перакананых — мільёнамі асуджалі на пагібель, кідалі за калючы дрот, вялі на расстрэл?

— Сяргей Іванавіч, дык жа гэты блакнот — важкі доказ вашай невінаватасці, чаму не прад'явілі яго хаця б пры другім арышце?

— А каб горай не было, — усміхнуўся ён, дзівячыся майму здзіўленню.

На дварэ ўсё халаднела, калючы вецер кідаў у твар пажоўклую лістоту. А ён і не зважаў, заглыбіўшыся ў свае думы: ці такую халаднечу зведаў?

Аб чым думаў у гэтыя хвіліны, што згадваў?

Можа быць, вяртаўся ў поўную шчаслівых надзей, бурлівую маладосць, калі з такімі ж, як ён, вясковымі хлопцамі-рамантыкамі, што прыйшлі ў 20-я гады ў паэзію і з усёй палымянасцю апявалі "новую яву", а потым апынуліся ў адной камеры, прайшлі праз нечалавечыя мукі ў лагерах, высылках, гінулі пакутніцкай смерцю?

А можа, бачыў такі ж кастрычніцкі дзень далёкага 1936 года, калі, вяртаючыся дадому з працы ў Радыёкамітэце, адчуў нешта нядобрае? У пакоі, дзе быў учынены страшэнны вэрхал і ламала рукі заплаканая цяжарная жонка, яго чакалі энкавэдысты. Ужо ў "варанку" з тугой глядзеў, як аддаляецца агеньчык у родным акне, ды не верыў, што ніколі-ніколі не вернецца сюды, не ўбачыць каханую жанчыну і будучае дзіця: выкінутыя проста на вуліцу, на згубу, яны дзесьці згінулі ў невядомасці...

Ці, можа, з горыччу ўзгадваў сваю тагачасную, зараз смешную ўпэўненасць, што, паколькі ён ні ў чым не вінаваты, там дзе трэба хутка разбяруцца, папросяць прабачэння за памылку і выпусцяць на волю. Не губляў надзеі нават тады, калі апынуўся ў адзіночцы "амерыканкі" — жудаснай турмы ў двары будынка НКУС, цярпеў гнюсныя здзекі, пакутлівыя начныя допыты і цынічную "шчырасць" следчага: "Шлёпнем цябе, вось табе і следства і суд. Лепш прызнавайся ў контррэвалюцыйнай трацкісцкай дзейнасці!"

Потым будуць першыя дзесяць доўгіх год лагернага пекла, затым у 1946-м — вызваленне з "воўчым білетам" пад нагляд "у сельскую мясцовасць". А ў 1949-м — яшчэ аддыхацца не паспеў — новы арышт. І знаёмы да болю стыль панявольшчыкаў, ператрус у хаце пад пагрозлівы крык: "Не прикидывайтесь! Показывайте, где прячете белорусские книги!"

Зноў — па этапу, у Сібір, праз асуджэнне на бестэрміновы "рай"...

Той кляты досвед адным разам, ужо ў апошнія гады, саслужыць яму добрую службу. Помню, з гумарам распавядаў Сяргей Іванавіч пра прыгоду ў парку Чэлюскінцаў, дзе любіў гуляць сам-насам па ціхіх, малалюдных сцяжынках. Неяк надвячоркам з-за кустоў высыпала зграя шпаны. Хуліганістыя маладзёны ўзялі ў ціскі старога чалавека, сталі пацвельвацца, штурхаць, лапаць кішэні, пагражаць. А ён і не думаў клікаць на дапамогу ці бараніцца, хоць, нягледзячы на гады, мог бы пры сваім росце і фізічнай загартоўцы пакласці на зямлю не аднаго. Ён толькі адкрыў рот — і першы і апошні раз у жыцці — выдаў порцыю такой махровай лагернай "фені", чутай тысячу раз ад панявольшчыкаў, што цяперашнія нападнікі на імгненне аслупянелі, а ў другое імгненне кінуліся ўрассыпную з крыкам:

— Ратуйся! На пахана нарваліся!

...Толькі ў 1956-м, пасля смерці Сталіна, разам з мноствам бязвінных, цудам ацалелых ахвяр масавых рэпрэсій ён нарэшце атрымае волю, поўную рэабілітацыю і назаўжды вернецца на родную, любую, дарагую ў радасці і бядзе беларускую зямлю. Праз цэлых дваццаць скрадзеных, знявечаных, спляжаных маладых год вернецца да жыцця і, нібыта даганяючы незваротна страчаны час, напоўніць адпушчаныя Богам гады ледзь не "атамным" выбухам духоўнай і творчай энергіі, прагай усё ўбачыць, паспець, сказаць. Вернецца незламаным і нескароным, захаваўшы ў неверагодных выпрабаваннях трапяткую і мужную душу, сумленне, годнасць, ясны розум. І, асэнсоўваючы і пераасэнсоўваючы перажытае на ўсіх кругах пекла, будзе шукаць — і знойдзе! — адказ на неадступнае пакутлівае пытанне: "За што? Чаму? Каму гэта трэба?" Паступова, крок за крокам ён будзе ўсё глыбей спасцігаць трагедыю, што адбылася з ім самім і ўсёй краінай. І з безабароннай ахвяры бязлітаснай рэпрэсіўнай машыны стане суддзёй, закляйміць пайменна ганьбай і праклёнам не толькі "ўласных" катаў і садыстаў — вынесе суровы прысуд бесчалавечай сістэме таталітарызму.

Аб гэтым з пераканаўчай сілай ён паведае ў дакументальных аповесцях-споведзях "Зона маўчання", "З воўчым білетам", "Такія сінія сцягі", у шматлікіх вершах, публіцыстычных творах. Паведае з адчуваннем сваёй чалавечай і мастакоўскай місіі — і за тых, хто не вярнуўся, і для тых, хто нізавошта не павінен дапусціць такое.

Ён меў поўнае права сказаць пра сябе: "Я двойчы прайшоў усе кругі пекла і не зламаўся, не знік на таежных скрываўленых трасах... Я бачыў усё і ўсё перажыў. Лёс злітаваўся і наканаваў мне жывым выйсці з пекла і стаць Сведкам на Судзе Гісторыі... Памятаю ўсё да драбніц і клянуся кожным словам, кожным радком гаварыць толькі праўду, каб ведалі людзі і ніколі не далі сябе ашукаць прыгожай хлуснёй і д'ябальскім каварствам. Сведчу, каб нашы нашчадкі спазналі сапраўдную волю, роўнасць і шчасце на роднай акрыялай і расквітнелай зямлі".

Перабольшання не будзе: паэт Сяргей Грахоўскі здзейсніў грамадзянскі подзвіг суровай праўдай аб трагічных старонках гісторыі Айчыны. Ён рабіў тое, што і Ларыса Геніюш, а ў рускай літаратуры — нобелеўскі лаўрэат Аляксандр Салжаніцын. Лепшае з яго пісьменніцкіх сведчанняў на судзе гісторыі (рэальны суд у грамадстве яшчэ так і не адбыўся) увайшло ў кнігу "Выбраныя творы", што летась убачыла свет у выдавецтве "Беларускі кнігазбор" пільным клопатам дачкі Сяргея Іванавіча Таццяны Сяргееўны і аўтара праекта Кастуся Цвіркі. На жаль, вершаў з таго, згаданага мною лагернага блакноціка там не аказалася: неацэнны, унікальны рарытэт у сямейным паэтавым архіве, як ні шукала спадарыня Таццяна, знайсці не ўдалося.

Зразумела, салідны, ёмісты том не змог — ды і не мог — змясціць нават малую частку плёну ўладальніка шматграннага таленту, які нёс людзям здабыты на зломе лёсу дар насуперак дваццацігадовай зоне маўчання... Адзін за другім выходзілі яго зборнікі "І радасць і боль", "Споведзь", "Вячэрні звон", "На апошняй вярсце", "Недапісаная кніга" і шмат іншых, дзе побач з мастакоўскім роздумам аб мінулым, сучасным і будучым Бацькаўшчыны, побач з прасякнутымі болем і горыччу радкамі — узоры дзівоснай лірыкі, парыванні чулай, пяшчотнай душы, уваскрашэнне прыгожых і сонечных імгненняў. На сваім пакручастым шляху паэт сустрэў вялікае шчасце — верную, адданую да скону дзён Валянціну Міхайлаўну — яго анёла і музу, яго радасць і дыханне. Гэта яна, "дзекабрыстка" савецкай эпохі — маленькая, танюткая, як былінка, ды з адважным, поўным любові сэрцам — прабіралася начной нязведанай тайгою за канвоем, якім гналі яе мужа ў няволю. І — дагнала, і абняла яго! І стала да апошніх дзён неадлучнай, пайшоўшы ўслед за мужам у хуткім часе ў іншы, незямны свет...

Паэт класічнай традыцыі і класічнай сілы, Сяргей Грахоўскі пакінуў нам і нашым нашчадкам надзвычай багатую спадчыну, якая — можна сказаць упэўнена — не будзе ляжаць мёртвым грузам. Бо яна — жывая! У ёй не толькі гісторыя, а і тое, чым мы жывём, хвалюемся сёння, чаго прагнем усёй душой. У кожным радку, чаканным і афарыстычным па форме, — гарачая малітва за Беларусь і ахвярнасць дзеля яе... Знойдзеныя ў глыбіні сэрца словы бяруць у палон напалам паэтава пачуцця і сугучнасцю пачуццям многіх сучаснікаў. Таму і хочацца паўтараць і паўтараць, завучваць на памяць ну хаця б гэтыя радкі:

Лепш рынуся ў шал крутаверці,

Нягодам пайду напралом,

Бо лепш незламаным памерці,

Чым жыць з перабітым крылом.

Ён і застаўся такім — незламаным!

Увазе чытачоў — нізка вершаў з кнігі "Выбраныя творы" (2007 г.)


Сяргей ГРАХОЎСКI

Вершы розных гадоў


Дубовы ліст

Стаяць дубровы ў жнівеньскай красе,

Ляцяць у вырай жураўлі і гусі,

Дубовы ліст, у жылках і ў расе,

Мне нагадаў абрысы Беларусі.


Яго мая кранаецца рука,

А ён нібыта выкаваны з броні,

І жылка кожная дубовага лістка

Злілася з жылкамі маёй далоні.

1962


***

Як я жыў без цябе?

І не ведаў, што недзе на свеце,

За глухімі лясамі,

За сотнямі ўзгоркаў і меж,

Не на дальнім сузор'і,

А у нас на планеце

Ты ў зялёным і ціхім

Завулку жывеш.


Як я жыў без цябе?

А маглі ж не сустрэцца ніколі,

За паўкроку

Адно аднаго абмінуць,

Разысціся,

Як сцежкі расходзяцца ў полі,

І не знаў бы,

За страту каго папракнуць.


Мабыць, трэба было

Праваліцца у пекла,

Траціць блізкіх,

Пакутаваць, мерзнуць, гарэць,

Ратавацца,

Каб лютая сцюжа не ссекла,

Каб цябе пад Палярнаю зоркай

Сустрэць. І пазнаць,

І адразу забыцца аб крыўдзе,

Каб убачыць праменьчыкі

Ў зрэнках тваіх,

Нарадзіцца ізноў

І паверыць, што прыйдзе

І збавенне, і шчасце

Адно на дваіх;

Падабрэць, памякчэць,

Назаўсёды скарыцца

Непадкупнай

Суровай тваёй чысціні,

Каб істоты тваёй

Адкрываць таямніцы,

Каб душу гартаваць

На высокім агні.


Час ляціць і ляціць,

Завіруха завеяла скроні,

Пакідаюць насечкі

Гады на ілбе.

Я гляджу на цябе,

Я дзіўлюся і сёння,

Чым я жыў без цябе,

Як я жыў без цябе?..

1965


19 кастрычніка

Здрабнелі зоркі ў тую ноч,

І месяц заблудзіўся дзесьці.

Мяне вядуць у змрок, а воч

Ніяк ад дому не адвесці.

Яшчэ зірнуў апошні раз

І ад пакуты аж заенчыў,

Калі ў маім акне пагас

І без таго слабы агеньчык.


Шумела лісце, дождж імжыў,

У сцены біўся вецер з гулам.

І з гэтае хвіліны жыў

Я не ў наступным, а ў мінулым.

Паўзла дарога, як змяя,

Пранізваў холад мозг і цела,

І знічка ранняя мая

У чорным небе праляцела.


І след яе адразу знік

На заімглёным небакраі,

Не замаўкаў над намі крык

Начное крумкачынай зграі.

Вязуць. Не ведаю куды,

І так прыспешваюць таропка.

Няўжо у дваццаць тры гады

Лёс і на мне паставіў кропку?


Вязуць па вуліцах пустых,

Я не ў сваёй, а ў іх уладзе.

Мутнее зрок, тупее слых,

У думках — поўнае бязладдзе,

Не мог тады я зразумець

Той таямнічае работы,

Што будуць дваццаць год рыпець

І па душы таптацца боты.


Як толькі ўспомню чорны год

І ноччу страчаную волю,

Астудзіць спёка, быццам лёд,

Завея апячэ да болю.

Дажыў я ўсё ж да сівізны,

Як ні ламалі, ні малолі,

А вось сябры маёй вясны

Дамоў не вернуцца ніколі.


За імі спалены масты,

І сцежка даўняя глушэе,

Крышталь адвечнай мерзлаты

Аздобіў брацкую траншэю.

Яе карэнні аплялі

І дол сціскае невыносны.

Каторы год на той зямлі

Гайдаюцца над імі сосны.


А я жыву. І вось ізноў

Гляджу, як з клёна лісце льецца.

Паклічу ў госці ўсіх сяброў.

Хоць і ніхто не азавецца.

Пабачылі б яны хаця

Наш новы дзень, і свет зялёны,

І вернутыя з забыцця

Святых пакутнікаў імёны.

[1987]


Душа

Мяне выхоўвалі,

Мяне захоўвалі,

Я то з'яўляўся,

То знікаў,

Мяне вадзілі

І ахоўвалі,

Хоць я нікуды

Не ўцякаў.


І пад замкамі,

І пад пломбамі,

Нібы каштоўнасць,

Бераглі

І неба клеткамі

І ромбамі

Разлінавалі,

Як маглі.


Мяне узважвалі і мералі,

Здымалі

Ў профіль і анфас,

Але ні разу

Не праверылі

Душы наяўнасць

І запас.


Шкада,

Што не здымаюць копію

З яе юрысты

І ўрачы,

І ні адна дактыласкопія

Не можа тут дапамагчы.


Мая душа

Супраціўлялася,

Бо верыла і тым жыла,

І не чарсцвела,

Не ламалася —

Была такою, як была.


Хоць дзіўна,

Ў чым яна трымалася,

А паспрабуй

Яе сагні!

Яна ж з маленства

Гартавалася

На чыстым,

Праведным агні.

1964


Рэквіем рукапісам

Казалі — рукапісы не гараць,

А я аднойчы бачыў, як гарэлі

У печы Галубковы акварэлі,

Як вершы адпраўлялі паміраць,

Сагрэтыя яшчэ жывым дыханнем,

І ласкаю, і трапяткім каханнем,

А кажуць — рукапісы не гараць.


І як яшчэ гараць! І колькі іх згарэла

У печах патаемнага двара,

Што зеўралі, як д'яблава нара,

Душа паэм навекі адляцела,

Што так дайсці да кожнага хацела

Пасланцам весялосці і дабра,

Ды знікла ў полымі казённага кастра.


Не стануць рукапісы кнігамі ніколі,

Не дакрануцца чулае душы,

Халодны попел як ні варушы,

Што датляваў па дзікай волі,

З вятрамі знік ён у бязлюдным полі,

Якое не засеяць, не ўзараць...


А кажуць — рукапісы не гараць.

[1987]


Народ

Мы адзіныя, мабыць, на свеце,

Што забылі, як маці завуць.

Так і нас адцураюцца дзеці

І нялёгкі свой век дажывуць.


Нам не раз падсякалі асновы,

Выстаўлялі святыні на здзек,

Але матчына мудрае слова

Пераходзіла з веку у век.


Хто ж нятленную памяць нанова

І таптаў, і развейваў у прах?

І сумленне, і годнасць, і мову

Адымалі няволя і страх.


У душы незагойныя болькі

Развярэдзіў разбэшчаны зброд...

Мы насельніцтвам станем, і толькі,

Калі з моваю знікне народ.

[1990—1991]


Вячэрняя малітва

Да поўначы, укленчыўшы, хрышчуся,

У неба, у зорак і ў Бога малю

Даць волю і долю маёй Беларусі,

Вярнуць нашу мову, душу і зямлю.


Даўно мы знямелі, аглухлі, аслеплі,

Зайшоўся ад болю і голас, і зык,

Нас прыхадні гналі пад кулі і ў петлі

І вырвалі ў нашага Бога язык.


А Бог уваскрос, і жывы, і нязводны,

Распяты не раз без адходнай імшы,

У памяці нашай, у долі народнай,

У кожнай жывой акрыялай душы.


Зацятыя прыхадні енку не чуюць,

Бо ведаюць толькі: "крышы" і "карай"!

Пагардай і лютай знявагай лінчуюць

І мараць пра "Северо-Западный край".


Яго нашы продкі і мы паспыталі,

Але не здаліся пякельнай бядзе:

Прарока нам Бог дараваў на Купалле,

Каб ён запытаўся: "А хто там ідзе?"


О, Божа магутны, малю і малюся:

Спрадвечныя нашы пакуты згадай,

Хоць ты заступіся за лёс Беларусі

І згінуць не дай.

30 чэрвеня — 3 ліпеня 1992 г.


Мой лепшы твор

Дачцэ Тані


За Уралам, за белай тайгою

Кожнай шыбай, зашклёнай ільдом,

Пазірае ў завею з тугою

Мной калісьці пастаўлены дом.


Хтось рыпучыя топча масніцы,

Замятае на ганку сляды,

І нікому цясляр не прысніцца

У пару і пакут, і бяды.


Кожны вугал трашчыць на марозе,

Вецер свішча ў расколах тайгі.

Хто ж ступае па хісткай падлозе,

Я гадаю у вечар даўгі.


І прыпомню стажок за павеццю,

Завірухай замецены двор,

І шчаслівы, што некаму свеціць

Мой найлепшы завершаны твор.

29 студзеня 1997 г.

Асабістае

Чаго я толькі не пабачыў,

Чаго, чаго не перажыў:

Часамі нават нешта значыў,

То злыдню нейкаму служыў.


Уставаў і клаўся па загаду,

На сцюжы лютаўскай пацеў,

І толькі быў таму і рады,

Што думаў так, як сам хацеў.


Я добра ведаў — жах не вечны,

Бяда не даканае нас,

Што ўсё ж надыдзе чалавечны,

Сумленнем блаславёны час.


Чакаў яго дзесяцігоддзі,

Хоць і не верыў у падман,

Жыла надзея у народзе,

А ён знікаў, нібы туман...


То траціў, то знаходзіў выйсце,

Прывычны да пакут і страт,

Ды горка, што, як і калісьці,

Часамі топча брата брат.

1997


Дарога да волі

Свабода і Воля —

З адзінага поля,

З адзінага лёсу,

З адзінай мяжы,

Адна ў іх нядоля,

Адзіная доля —

Ці шчасце прыносіць,

Ці быць на крыжы...

2002


Апошняя элегія

Адкахаў, адлюбіў, адсмяяўся,

Траціў болей, чым меў у жыцці,

І заўсёды усё ж спадзяваўся

Хоць жывую іскрынку знайсці,


Каб душу ратавала ад сцюжы

І свяціла у змроку начэй,

Падтрымала, калі занядужаў,

І любіла за ўсіх гарачэй.


Уяўляў яе светлай багіняй,

А сустрэўся аднойчы у дождж

І пабачыў у глеі і гліне

На пякельнай зямлі басанож...


Паглядзеў, памаліўся на неба.

Вось якая прыйшла навіна:

Вось якая мне толькі і трэба —

Як душа, назаўсёды адна.


Праімчалася больш за паўвека,

Мы рабіліся ў горы дужэй,

Не была нам патрэбна апека,

Бо яна мне за ўсё даражэй.


Наш апошні рубеж недалёка.

Паратунку не знойдзеш нідзе:

Засталося, магчыма, паўкрока...

Хто ж апошні каго правядзе?

11 жніўня 2002 г.


Сцюжа

Прадыхаю ў шыбіне вочка,

Зірну на блакітны мароз:

Трашчыць на вяроўцы сарочка,

Як ветразь завейных пагроз.


Вось-вось завіруха завые

І сцежкі усе замяце,

Вандроўнікі, быццам сляпыя,

Саб'юцца на першай вярсце.


Ад сцюжы душа ледзянее,

Завея гудзе і гудзе...

За верай прыходзіць надзея,

Любоў да любові вядзе.


Ні сцюжа, ні горкая доля

Маю не астудзіць душу,

І ў дзікай стыхіі ніколі

Я літасці не папрашу,


Лепш рынуся ў шал крутаверці,

Нягодам пайду напралом,

Бо лепш незламаным памерці,

Чым жыць з перабітым крылом.

Дадаць камэнтар
Аўтар:

Камэнтар:
Код подтверждения:



 камэнтаваць 
 

апошнiя навiны

22.09

архiў навiнаў

Выкарыстоўваць артыкулы дазволена толькі з гіперспасылкай на крыніцу
© 2006-2008, Народная воля.